14 чэрвеня – Сусветны дзень донара крыві
Кожны год, пачынаючы з 2005 года, 14 чэрвеня ўсе краіны свету адзначаюць Сусветны дзень донара крыві.
У гэты дзень прынята выказваць падзяку людзям, якія добраахвотна і бязвыплатна здаюць сваю кроў, інфармаваць грамадства аб патрэбнасці ў бяспечнай крыві і яе кампанентах для выратавання чалавечых жыццяў. Донарская кроў дапамагае людзям з анкалагічнымі захворваннямі, хваробамі крыві, дзецям і дарослым, якія атрымалі апёкі і цяжкія траўмы, пры хірургічных умяшаннях, парадзіхам і нованароджаным.
Донарамі крыві могуць быць усяго каля 10-15% насельніцтва, а рэальных донараў існуе ў 10 разоў менш. Таму праблема забеспячэння донарскай крывёй стаіць даволі востра ў многіх краінах.
Да здачы крыві дапускаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне, асобы без грамадзянства ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў, якія валодаюць поўнай дзеяздольнасцю і не маюць супрацьпаказанняў да здачы крыві.
Донарам, якія здалі кроў не менш за 40 данацый, а плазму, лейкацыты, трамбацыты – не менш за 80 данацый, выдаецца знак “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь”.
Да здачы крыві трэба падрыхтавацца: напярэдадні выспацца, за 2-3 дні выключыць з рацыёну харчавання тоўстае, смажанае, вострае, вэнджанае, арэхі, цытрусавыя, яйкі, малочныя прадукты, каўбасы, спіртное. У дзень данацыі абавязкова лёгка паснедаць, піць шмат вады.
Працэдура здачы крыві доўжыцца каля 10-15 хвілін. Стандартная доза кровадачы – 450 мл. Пасля здачы крыві трэба 30 хвілін знаходзіцца пад наглядам медыцынскага персанала.
У дзень данацыі донару прадастаўляюцца бясплатнае харчаванне або яго кампенсацыя, ён вызваляецца ад працы з захаваннем сярэдняга заробку. Сума за здачу крыві на платнай аснове ў маі 2024 года склала 168 рублёў.
Пасля здачы крыві трэба весці здаровы лад жыцця: выконваць рэжым працы і адпачынку, правільна харчавацца, уключаць у рацыён харчавання ялавічыну, печань, рыбу, птушку, грэчку, буракі, моркву, гранат, арэхі і да т.п., адмовіцца ад шкодных звычак. Здаваць кроў паўторна можна праз 60 дзён.
Спецыялісты адзначаюць, што кожная кровадача садзейнічае павелічэнню імунітэту, паляпшае абмен рэчываў у арганізме. Сістэматычнае донарства зніжае рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў, спрыяе абнаўленню клеткавага складу крыві, стымулююць крыватвор, донары радзей хварэюць эндакрыннымі захворваннямі. Здача крыві – жыццёва важны акт салідарнасці, прыклад гуманізму, дабрыні і патрыятызму.
10.06.2024